Працягваем пазнаваць Брэст і сённяшняя наша экскурсія пройдзе па вуліцах даўняга места ў пошуках аналогій, падабенства і паралеляў берасцейскай архітэктуры з іншымі гарадамі і мясцінамі. Сёння наша падарожжа пачнецца са сцен Брэсцкай крэпасці, а дакладней з яе варот.
![]() |
| Паўднёвыя вароты Брэсцкай крэпасці |
![]() |
| праект Паўднёвых варот Брэсцкай крэпасці, фота brestdatabase.by |
Пасля візуальнага агляду напрoшваецца вывад што абедзве брамы пабудаваны па падобных праектах, хоць маюць і істотныя адрозненні: размяшчэнне кардэгардыі, асобных памяшканняў, унутраныя фасады. Мікалаеўскі праезд быў пабудаваны ў 1836-38 гадах і мае неагатычныя рысы (пра неаготыку Брэсцкай крэпасці можна гаварыць асобна, цікава, што якраз ў гэты час будуецца Косаўскі палац, які таксама быў пабудаваны ў стылі неаготыкі).
![]() |
| Мікалаеўская брама крэпасці Дынабург.фота Wikipedia.org |
Аналогіі Кобрынскага фарштадту.
У сувязі з будаўніцтвам крэпасці горад быў перамешчаны на адлегласць 3 кіламетры ад фартэцыі і размясціўся на гэтак званых фарштадтах: Кобрынскім, Валынскім, Забугскім. Перамяшчэнне не выклікала задавальнення ў мясцовых жыхароў, і горад фактычна адбудоўваўся з нуля. Больш за інтэнсіўна развівалася Кобрынскае прадмесце, якое пазней і стала гістарычным цэнтрам. Большасць будынкаў была перабудавана пасля серыі пажараў на пачатку ХХ стагодзя па амаль аднатыпных двухпавярховых праектах. Вуліцы гораду былі рэгулярнымі і разбітымі на квадраты.
| дом у Кобрынскім фарштаце, 1901(?) |
Аднак былі і выключэнні. Завітаем на былую Дваранскую вуліцу (цяпер Міцкевіча), каб бліжэй пазнаёміцца з архітэктурай двух дамоў асабнякоў, якіх называюць "блізнятамі".
![]() |
| Дом Ягміна ў Брэсце |
Гэта самыя старыя будынкі ў "новым горадзе" і пабудаваны яны сям'ёй Ягмінаў ў 1830-х гадах. Архітэктура двух дамоў пабудаваных па праекце Францішка Яшчолда (таго самага што збудаваў палац у Косава) аднатыпная.
![]() |
| дом Ягміна ў Брэсце |
Фасады асабнякоў вылучаны масіўнымі порцікамі з 4 стройнымі калонамі і гладкімі трохвугольнымі франтонамі. Падобны прыём будаўніцтва быў рэалізаваны ў сядзібе Трымбмцкіх у вёсцы Лінова на Пружаншчыне, аднак 1-ы паверх порціка гэтага палаца падкрэслены 5 аркадамі, што істотна адрознівае гэты будынак ад асабнякоў Брэста. Больш цікавае апісанне гэтай сядзібы прадстаўлены на краязнаўчым сайце linovo.by.
![]() |
| сядзіба Трымбіцкіх, Лінова, Пружанскі раён |
Напрыканцы XIX стагоддзя ў Брэст завітала "цагляная эклектыка", у горадзе ў такім стылі было пабудавана некалькі дзесяткаў будынкаў. Некаторыя з іх маюць падабенства да будынкаў іншых гарадоў.
![]() |
| будынак былога суда па вуліцы 17 верасня |
Параўнаем тры пабудовы: знакаміты будынак гарадскога суда па вуліцы Таполевай (17 верасня), будынак з цагляным фасадам па вуліцы Мядовай (Карла Маркса,11) і будынак па вуліцы Інтэрнацыянальнай, 6 ў Кобрыне.
![]() |
| будынак па вуліцы Карла Маркса ў Брэсце |
![]() |
| будынак на вуліцы Інтэрнацыянальнай ў Кобрыне |
Як бачым, ў будынкаў ёсць шэраг падобных элементаў, аднак "двайнікамі" іх лічыць нельга.
![]() |
| дэкор кутняга завяршэння, Брэст, вуліца К.Маркса |
Будынак на Мядовай у Брэсце мае толькі асобныя падобныя элементы ў знешнім афармленні, а будынак гарадскога суда ў 1920-х гадах быў перабудаваны і набыў рысы стыля канструктывізм.
Цікава што будынкі былі пабудаваны з жоўтай цэглы.
Найбольш арыгінальны выгляд захавала камяніца ў Кобрыне, а пры рэстаўрацыі будынка суда ў Брэсце архітэктары рэалізавалі праект сінтэзу двух эпох (цаглянага стылю і канструктывізму).
Можна казаць, што "цагляны стыль", нягледзячы на свае сходныя прыёмы прымяняўся даволі па-рознаму і кожны будынак можна лічыць шэдэўрам свайго часу.
Храмы Брэста і іх аналагі
Кафедральны сабор святога Сімяона Стоўпніка быў пабудаваны ў 1868 гадзе ў руска-візантыйскім стылі з элементамі класіцызму. Яго будаўніцтва ішло каля дзесяці гадоў, праз год ягоны малюнак зрабіў знакаміты Напалеон Орда.
| Сабор святога Сімяона Стоўпніка ў Брэсце |
Храм вылучаецца сваёй арыгінальнасцю архітэктурнага аблічча.
![]() |
| царква ў Тамашы-Мазавецкім, фота Wikipedia.org |
У гэты перыяд на тэрыторыі тагачаснай Расійскай імперыі было пабудавана некалькі дзесяткаў храмаў ў сінтэзе руска-візантыйскага стылю і класіцызма, падобныя крыжова-купальныя храмы прадстаўлены на тэрыторыі Беларусі (Кобрын, Дзярэчын); Расіі (Гатчына, Ніжні Ноўгарад), Польшчы (Тамашоў-Любельскі).
![]() |
| Царква Свяціцеляў Маскоўскіх, Ніжні Ноўгарад,фота Wikipedia.org |
Неверагодна, але факт, другая Брэсцкая царква, якая была пабудавана ў 1906 г. у гонар Святога Мікалая і больш знаёмая нам пад назвай "Брацкая царква" мае свайго "двайніка" ў Беларусі: на радзіме пісьменніцы Элізы Ажэшка ў вёсцы Мількаўшчына на Гродзеншчыне.
| Свята-Мікалаеўская царква ў Брэсце |
Царква ў гонар Прасвятой Багародзіцы, была пабудавана ў 1908г. па аналагічным праекце ў модным на той час псеўдарускім стылі. Архітэктурны праект гэтай царквы трошкі спрошчаны, царква не атынкавана, аднак храмы аднатыпныя і пабудаваны прыкладна ў адзін і той жа час.
![]() |
| Царква прасвятой Багародзіцы ў Мількаўшчыне |
Акрамя таго некаторыя рысы падабенства Брацкая царква мае з іншымі славутасцямі псеўдарускага стылю: храмам Спаса Нерукатворнага (Кукабой, Расія), царквой Успіння Святой Багародзіцы (Балта, Украіна), царквой Раства Хрыстова і Мікалая Цудатворцы (Фларэнцыя, Італія), Мікалаеўскім саборам (Ніца, Францыя).
"Горад-сад" Юліана Лісецкага
У міжваенны перыяд пачынаючы з 1920-х гадоў Брэст атрымаў новы стымул будаўніцтва гарадской архітэктуры. У Брэсце працавалі вядомыя на той час архітэктары: Сямён Сідарчук, Мікалай Катовіч, Юзаф Баранскі, Юліан Лісецкі. Апошні быў абазнаным варшаўскім архітэктарам, які спраектаваў цэлыя кварталы, забудаваная ў стылі "нарадовым".
дамы калоніі Нарутовіча ў Брэсце, архітэктар Ю.Лісецкі |
![]() | ||
|
У Брэсце былі збудаваны 3 калоніі з падобнымі дамамі: Tartak (лесапільня), калонія Нарутовіча і schronisko (Прытулак). Падобныя сядзібы сёння можна сустрэць і ў іншых гарадах Беларусі, напрыклад ў Гродне (вуліца Свердлава).
|
У "стылі нарадовым" будаваліся не толькі сядзібы, але і адміністрацыйныя і грамадзянскія будынкі. З 1930-х гадоў гэты стыль саступае месца канструктывізму і мадэрну, які атрымаў у Брэсце яшчэ большы распаўсюд. Будынкі пачалі будаваць з лаканічнымі прастакутнымі плоскасцямі, выкананымі ў цэгле з розным аздабленнем.
Пасляваенны Брэст - россып узорных праектаў
Пасляваенны час для Брэста, час аднаўлення і актыўнага будаўніцтва новых жылых кварталаў, прадпрыемстваў, фабрык, культурных і грамадскіх ўстаноў. Горад пашырае свае межы, узнікаюць цэлыя мікрараёны, пашыраецца колькасць насельніцтва горада.
У цэнтры горада і на яго ускраінах узнікае шмат новых будынкаў, праекты якіх мы называем тыпавымі. Шмат будынкаў Брэста, пабудаваных ў 1950-60-я гады мае аналогіі з іншымі гарадамі Беларусі, Расіі, Украіны. Пра некаторыя з іх, мы нават не здагадваемся. Параўнаем, напрыклад, праект знакамітай брэсцкай гасцініцы "Буг" і гасцініцы "Бабруйск" ў г.Бабруйску.
![]() |
| гасцініца "Буг" у Брэсце |
Гасцініцы пабудаваны ў 1958 годзе ў стылі савецкага класіцызму з элементамі класічнага ампіру. Праект брэсцкай гасцініцы "Буг" выканаў архітэктар Г. М. Бенядзіктаў, праект гасцініцы "Бабруйск"- архітэктар В. Зайцаў.
![]() |
| гасцініца"Бабруйск" у Бабруйску, фота Wikipedia.org |
Няглядзячы на розных архітэктараў праекты амаль аналагічныя. Яны прадугледжвалі ў абодвух выпадках закругленую кутнюю частку будынка, парадны вестыбюль з калонамі і шырокай лесвіцай, высокія столі ў нумарах, скульптуры на савецкую тэматыку ў нішах на кожным паверсе. Асаблівасцю, якая адрознівае "Бабруйск" ад "Буга" - завяршэнне галоўнага фасада невялікай вежай.
Дамы, што мы прывыклі называць "сталінкамі"
У першыя пасляваенныя гады будаўніцтва грамадзянскай архітэктуры рухалася праз сінтэз розных архітэктурных стыляў. Дамы, якія будаваліся па узорных праектах і называліся “сталінкамі”, выразна вылучаюцца сярод позняга савецкага будаўніцтва (хрушчовак), вельмі часта фасады дамоў упрыгожваліся асобнымі архітэктурнымі элементамі: эркерамі, рызалітамі, атыкамі, ляпнінай. Будаваліся такія дамы на 2-4 паверхі. Параўнаем двухпавярховікі на вуліцах Камсамольскай і Герояў Абароны Брэсцкай крэпасці ў Брэсце і на вуліцах Валковіча, і Дарвіна, Батанічнай у Гародні.
![]() |
| дом, 1949 г. у Брэсце |
Відавочна, што дамы цалкам адпавядаюць аднаму праекту і знаходзячыся ў гэтых гарадах іх можна проста пераблытаць.
![]() |
| Дом на вуліцы Валковіча ў Гродна, фота photobuildings.com |
На сённяшні дзень па аналогіі з дадзенымі праектамі ў горадзе Гродна збудаваны некалькі новых дамоў-катэджаў.
![]() |
| сучасная забудова з элементамі архітэктуры 1950-х гадоў, вуліца Валковіча, Гродна, фота Заря над Неманом |
На гэтым супадзенні ў архітэктуры Брэста і Гародні не заканчваюцца.
Параўнаем дамы на вуліцы Міцкевіча ў Брэсце і вуліцы Гарнавых у Гародні.
![]() |
| Вуліца Міцкеіча ў Брэсце |
![]() |
| Вуліца Гарнавых, Гродна, фота yandex.by |
![]() |
| дом жыхароў супрацоўнікаў рачнога порта ў Брэсце |
Уважліва прыглядзімся да дамоў Рачнога порта на вуліцы Пушкінскай ў Брэсце і дамоў на рагу вуліц Пушкіна і Валатоўскай у Гомелі.
![]() |
| дом па вуліцы Пушкіна ў Гомелі, фота yandex.by |
Універмаг ў Гродна і "Детский мир" ў Брэсце
У лістападзе 1953 г. ў адным з ленінградскіх інстытутаў па замове міністэрства гандлю СССР быў зацверджаны праект тыпавой трохпавярховай універсальнай крамы (універмагу).
| "Дзіцячы свет" у Брэсце |
Праз некалькі гадоў праект быў рэалізаваны ў Брэсце і Гродне і дасюль яны застаюцца аднымі з найболей яскравых прыкладаў савецкага неакласіцызму. Падобныя праекты таксама былі рэалізаваныя ў Віцебску, Крывым Рогу (Украіна), Ангарску, Дзмітраве (Расія).
Адсюль ад'язджалі аўтобусы.
Зусім нядаўна ў 2019 годзе Брэст атрымаў новы будынак аўтавакзала. Ранейшы будынак аўтавакзала цяпер выкарыстоўваецца пад гандлёвыя аб'екты. Напрацягу 60 гадоў гэты вакзал адпраўляў прыгарадныя, міжгароднія і міжнародныя аўтобусы па дзесятках рэгулярных маршрутаў.
![]() |
| аўтавакзал ў Брэсце, фота 1970г. Яўгена Макарчука |
Напрыканцы 1980-х гадоў Брэсцкі аўтавакзал адпраўляў аўтобусы па 52 міжгародніх і 47 прыгарадных маршрутаў (272 аўтобусы). Будынак вакзала быў пабудаваны ў 1963 годзе. Цікава, што па аналагічным праекце пабудаваны аўтавакзалы ў Гродне, Луцку (цяпер Валынская філармонія), Валгаградзе і Пермі.
![]() |
| аўтавакзал ў Валгаградзе , фота vikipedia.org |
Апошнія два будынкі да сённяшняга часу выконваюць сваю функцыю.
Кінатэатр "Мір" і яго прататыпы
У позні савецкі час ў Брэсце дзейнічала ажно 7 кінатэатраў ("Беларусь", "Мир", "Маяк", "1 мая", "Смена", "Зорька", "Летний"). У наш час інфармацыйных тэхналогій засталося толькі 2 кінатэатры. І хоць найбольш арыгінальным у перэпетыях будаўніцтва лічыцца кінатэатр "Беларусь", мы звярнем увагу на будынак двухпавярховага кінатэатра "Мір". Шырокаэкранны кінатэатр быў пабудаваны ў 1959 годзе і быў разлічаны на 441 месца.
![]() |
| кінатэатр "Мір" у Брэсце |
Праект кінатэатра даволі сціплы і тыповы. На першым паверсе размяшчаўся вестыбюль і фае і ўласна кіназал, на другім паверсе гульнёвыя аўтаматы, атракцыёны і буфет-бар.
Па такім жа праекце былі пабудаваны дзесяткі кінатэатраў па ўсім былым СССР, некалькі кінатэатраў на тэрыторыі Беларусі (у Мінску, Рэчыцы,Бабруйску, Гомелі і інш.).
Цэнтр маладзёжнай творчасці і музычны тэатр ў Растове на Доне
Адзін з апошніх маштабных архітэктурных праектаў у савецкім Брэсце - пабудова ў 1986 палаца піянераў і школьнікаў (цяпер цэнтр маладзёжнай творчасці). Палац быў размешчаны ў геаграфічным цэнтры Брэста на беразе ракі Мухавец, праект будынка па некаторых сведчаннях нагадвае "піянерскае вогнішча", па іншых "піянерскі значок". Так ці інакш, архітэктурны праект палаца на той час быў унікальным, але не адзіным. Па падобным праекце рэалізавана пабудова музычнага тэатра ў Растове на Доне.
![]() |
музычны тэатр ў Растове на Доне. Фота TripAdvisor.ru |
Найбольш стары будынак пажарнай часткі ў Брэсце знаходзіцца ў мікрараёне Граеўка. Ён быў пабудаваны ў 1950-х гадах па даволі арыгінальным праекце двухпавярховага будынку завершаным агляднай вежай. Як бачым, у наступныя гады пажарная вежа актыўна выкарыстоўвалася, з яе адчыняўся аптымальны панарамны выгляд гораду, ( на выпадак узнікнення пажару). На сённяшні дзень пажарную вежу добра відаць ад вуліцы Рэспубліканскай і Гарбатага мосту, яна істотна дапаўняе архітэктурную забудову Граеўскага прадмесця.
![]() |
| пажарная частка на Граеўскім прадмесці ў Брэсце |
А цяпер мы перамесцімся у горад Ваўкавыск і горад Ліду, у якіх існуюць будынкі "блізняты". Як зазначае сайт volkovysk.news.by будынак ваўкавыскай пажарнай часткі быў пабудаваны ў 1956 годзе. Пажарная частка стала сапраўдным цэнтрам культурнага жыцця ваўкавычан: тут праводзіліся масавыя мерапрыемствы, працавалі бібліятэка і кіназала. У часці меўся свой духавы аркестр, які па выходных і святах выступаў у гарадскім парку.
![]() |
пажарная частка ў Ваўкавыску, архіўнае фота |
Мы прывыклі бачыць Брэсцкі вакзал як вялікі манументальны будынак, які называюць "Варотамі краіны" і на якім штодзённа адпраўляюцца цягнікі па розных напрамках. Так, быццам бы, Брэст-Цэнтральны з'яўляецца адзіным у нашым горадзе вакзалам. Але ў Брэсце існуе яшчэ 2 вакзалы: на станцыі Брэст-Палескі і станцыі Брэст-Паўднёвы.
![]() |
| станцыя Брэст-Палескі ў Брэсце |
У завяршэнні нашага расповяду мы завітаем станцыю Брэст-Палескі і пазнаёмімся з яго вакзалам. Сёння станцыя Брэст-Палескі гэта невялікі вакзал ў мікрараёне Кіеўка, на якім спыняюцца некалькі цягнікоў, курсуючых у накірунку станцый Хаціслаў і Ўладава. Каля станцыі размясціўся арыгінальны пакгаўз, нядаўна яшчэ існавала і ваданапорная вежа, але яна была знесена.
Ад старога вакзалу засталася назва вуліцы Dworcowa, якая двойчы перакладзена не правільна і цяпер называецца па-беларуску "Палацавай".
Сённяшні будынак вакзала тыпавы пасляваенны 1950-х гадоў пабудовы, аднак падобныя вакзалы былі пабудавны і на іншых беларускіх станцыях, напрыклад ў Івацэвічах і Крулеўшчыне (Віцебшчына). Вядома станцыя Брэст-Палескі яшчэ і сваім стыхійным базарам, які шмат гадоў існаваў каля вакзалу.
![]() |
| Станцыя Івацэвічы, вечаровы выгляд |
Падводзячы вынік прадстаўленага матэрыялу можна сказаць, што прыведзеныя вышэй прыклады архітэктуры - далёка не поўны спіс аб'ектаў. А таму запрашаем сачыць за новымі публікацыямі і часцей бываць на экскурсіях па родным горадзе.











.jpg)









.jpeg)








.jpg)


0 Комментарии