Па дарозе з Брэста ў Белавежскую пушчу

У 2024 годзе Белавежская пушча адзначае свой чарговы юбілей - 615 гадоў з пачатку ўсталявання запаведнасці. Але сённяшні гайд якраз не пра пушчу, а пра яе ваколіцы і турыстычны шлях у старадаўні лес. Давайце перанясёмся ў падарожжа па маршруце з Брэста ў Белавежскую пушчу і пабачым яго хараство. Звычайная дарога з Брэста ў пушчу складае крыху больш за 50 кіламетраў. Праехаць па дарозе да Белавежскай пушчы можна за адну гадзіну. У дарозе, мы мала звяртаем увагі на навакольны прастор, бо канчатковай мэтай падарожжа з'яўляецца Белавежская пушча. Яе сівыя легенды і жывапісныя лясныя нетры заўсёды прываблівалі падарожнікаў і аматараў дзікай прыроды. Але гэтае гадзіннае падарожжа ў пушчу можна ператварыць у дзённы ваяж, калі ўключыць у вандроўку незвычайны маршрут з заездам у навакольныя вёскі і мястэчкі.

Вашае падарожжа не будзе выглядаць банальным, калі вы наведаеце наступныя славутасці на ваш выбар. Пры тым, гэты гайд - своеасаблівая даведка-рэкамендацыя, што можна пабачыць у ваколіцах Брэста і Каменца і як узбагаціць вашае падарожжа, а выбар, што наведаць за вамі.


Скокі. Палац на ўскрайку горада.

За пяць кіламетраў ад шашы Брэст-Камянец у пойме ракі Лясная размясцілася колішняя сядзіба роду Нямцэвічаў у Скоках. Рамантычны палац у стылі позняга барока сёння хаваецца ў засені старога сядзібнага парку. Пасля аднаўлення палацу тут размясціўся гісторыка-мемарыяльны музей “Сядзіба Нямцэвічаў”. Абавязкова завітайце ў палац на экскурсію, і вы даведаецеся пра слынную гісторыю палацу, яркіх прадстаўнікоў роду, у тым ліку Юліяна Урсына Нямцэвіча, даведаецеся пра адбудову палацу, а таксама яго легенды і сапраўднае мінулае.

Акрамя палацу асаблівую цікавостку сядзібы складае стары парк з ягонымі грабамі і лістоўніцамі, мемарыяльная калона “Рахвал”, месца размяшчэння старога дому “Яскіня”, а таксама жывапісныя берагі ракі Лясная са старадаўнімі дубамі.
Тут можна спакойна адпачыць, паназіраць за конямі з мясцовай гаспадаркі, пабачыць лекавыя расліны заказніку “Бугскі”.

Вістыцкія скарбы.

Адным з найбольш цікавых населеных пунктаў непадалёк ад Брэста можна лічыць вёску Вістычы. Для турыстаў тут ёсць шмат чаго цікавага. Але пачнем з галоўнай славутасці - Крыжаўзвіжанскай царквы.Падрабязна пра яе гісторыю і гісторыю вёскі мы распавялі ў гайдзе “Брэсцкая Швейцарыя”.

Але сёння царква адзначыла свой юбілей - 345 гадоў ад часу заснавання. Пры тым, гэты будынак першапачаткова быў пабудаваны як касцёл Цыстарцыянскага ордэну і мае прыкметы гэтак званага “Брэсцкага барока”. Па-сутнасці, яго пластычныя прыёмы падобны да пабудаваных берасцейскіх барочных храмаў, аднак яны не захаваліся. Насупраць царквы была пабудавана мемарыяльная калона, існаваў і сядзібны дом, які належаў памешчыкам Ягмінам. Аднак ад сядзібы засталіся толькі рэшткі парку, плато палацу і фрагменты альтанкі.

Да 500-годдзя Вістычаў у цэнтры пасёлка ўсталявана разьбяная драўляная скульптура з сюжэтамі гісторыі населенага пункту, а ў  доме культуры, па ініцыятыве мясцовых краязнаўцаў, у тым ліку майстра па дрэве Аляксандра Лазеркі, адкрыты невялікі, але вельмі дасціпны музейчык. Тут жа працуе і мастацкая студыя самаго майстра. Падрабязней @vistychi_sdk.

Існуе каля Вістычаў і “прыродны скарб” - валун Сівы камень, ён знаходзіцца на шашы Вістычы-Матыкалы, побач з яблыневым садам “Дружба”.

Ну а брэндам Вістыч лічыцца гастранамічны фэст “Вістыцкі яблык”, што ладзіцца час ад часу.


Фотастоп у Чарнаўчыцах.


Суседнія Чарнаўчыцы - незвычайнае мястэчка. Абавязкова затрымайцеся ў ім каб адчуць подых беларускага сярэднявечча. Чарнаўчыцы - колішняе ўладанне магнатаў Іллінічаў і Радзівілаў. У XVI ст. яны сталі цэнтрам графства і аб'ядноўвалі 40 вёсак. У 1583 г. сын Мікалая Радзівіла Чорнага Мікалай Хрыстафор Радзівіл Сіротка пачынае будаўніцтва ў Чарнаўчыцах Касцёла Святой Тройцы.

Касцёл захаваўся да нашых дзён. Храм знаходзіцца ў цэнтры, прамінуць яго немагчыма.У інтэр'еры храма прадстаўлены гербы роду Радзівілаў, гатычныя скляпенні, нервюры, ляпніна, скульптуры Св. Дамініка, Укрыжавання, а таксама арнат са слуцкім поясам. Яшчэ нядаўна касцёл меў дах, перакрытую дашчанай пліткай – так званай "гонтай", што дадавала помніку выгляд незвычайнай аўры даўніны, сёння касцёл мае больш сучаснае і простае афармленне.Траецкі касцёл у сваіх творах успамінаў Уладзімір Караткевіч. Знакаміты пісьменнік спецыяльна прыязджаў сюды, каб на свае вочы ўбачыць помнік старажытнабеларускага дойлідства. Сваё запіскі ён прадставіў у выдатным творы "Званы ў прадоннях азёр".

Цікавым помнікам народнага дойлідства з'яўляецца Чарнаўчыцкая Царква Святой Параскевы Пятніцы, пабудаваная ў 1733 годзе. Паводле не пацверджаных звестак, царква закладзена 10 лістапада ў дзень ушанавання святой Параскевы, таму і атрымала такую назву.

Размешчаны дадзены архітэктурны помнік у цэнтры вёскі. Верагодна, царква закладзена мясцовым дойлідам у народных матывах, аднак мела модныя на той момант рысы стылю барока. Адносна нядаўна Чарнаўчыцы папоўніліся яшчэ адной цікавосткай: выставай макетаў самалётаў Другой Сусветнай вайны, якая размясцілася ў вясковым падворку мясцовага самабытнага майстра Вячаслава Жыгала.


Тут прадстаўлены копіі амаль усіх самалётаў, якія лёталі ў часы вайны, як савецкіх, так і нямецкіх.

Графскі парк у Турне

Працягам “графскай гісторыі” будзе наведванне вёсак Вялікая і Малая Турна. Населеныя пункты знаходзяцца акурат на дарозе Брэст -Камянец, а іх гісторыя цесна знітавана з Чарнаўчыцамі. У Вялікай Турне раней існаваў прыватнаўласніцкі двор, які належаў Іллінічам і Радзівілам.

Двор гэты вядомы пад назвай “Замак Радзівілаў Тур” і ўзгадваецца пад 1671 г., пазней на месцы драўлянага замку ўзнікае сядзіба роду, якая належала Радзівілам і Грабоўскім, а першым “экскурсантам” у ёй можна лічыць Юліяна Урсына Нямцэвіча, тут ён пабываў у 1819 годзе.Сёння ад былой сядзібы засталіся парк, вадаём “Плэс”, уязная алея “Кленівка”.

Цікавымі аб'ектамі з'яўляюцца помнік прыроды “Турнянскі грачэўнік”, “графская” крыніца, будынак школы (1938) і былой гміны.


Месцы памяці.

Непадалёк ад дарогі Брэст-Камянец ёсць шэраг манументаў, якія нагадваюць аб часах Другой сусветнай вайны і нямецка-фашысцкай акупацыі.

На выездзе з Чарнаўчыц мы пабачым невялікі сціплы помнік. Ён нагадвае пра трагічныя часы акупацыі. У гады вайны ў Чарнаўчыцах існавала гета. Заняўшы Чарнаўчыцы, акупанты перасялілі больш за 30 яўрэйскіх сем'яў у гета. Іх дамы былі разрабаваны і разбураны.

Фота: Wikipedia.org

Над вязнямі беспакарана здзекаваліся і збівалі, эксплуатавалі на цяжкіх прымусовых працах.У 1942 годзе ў вёсцы Малая Турна былі забіты каля 200 яўрэяў з бліжніх вёсак. У кастрычніку 1943 года немцы і паліцаі расстралялі апошніх яўрэяў Чарнаўчыц.

Помнік землякам у в.Турна, фота: Wikipedia.org
У кожнай вялікай ці малой вёсцы па дарозе на Белавежскую пушчу можна пабачыць помнікі Вялікай Айчыннай вайны, брацкія пахаванні, помнікі загінулым землякам, абеліскі. Трагічныя старонкі мінулай вайны навечна ў памяці мясцовых людзей.

Брукаванка ў Баранках.

Наша падарожжа пракладзена па добра заасфальтаванай камфартабельнай дарозе. Але на тэрыторыі Прыбужжа і Пушчанскага краю сустракаюцца шэраг дарог рознага паходжання: палявыя і лясныя сцежкі, прасёлкавыя дарогі, бальшакі і грэблі.

Брукаванка ў ваколіцах Камянца, фота А.Асташэні

Цікавай асаблівасцю Камянеччыны таксама можна лічыць шэраг дарог брукаванак, вымашчаных з каменя. Нібы сама назва гэтага краю гаворыць, што тутэйшае каменне яго сапраўдны здабытак. Ня дзіва, што камень выкарыстоўваўся пры будаўніцтве дарог. Так ці інакш, на сёння ў ваколіцах пушчы 25 брукаваных дарог, а бліжэйшыя да нашага маршруту брукаванкі знаходзяцца ў вёсках Баранкі, Палінаўка, Гарадзішча, Ражкоўка і горадзе Камянец.


Відамлянскія сюжэты. Лабараторыя Сонца.

На перакрыжаванні двух вялікіх дарог Высокае-Пружаны і Брэст-Камянец знаходзіцца Відамля, вёска з цікавымі адметнасцямі. Па-першае варта вызначыць яе гістарычнае мінулае. Вёска заўсёды была ў цэнтры падзей. Яна згадваецца ў дакументах пад 1646 годам. Належала магнатам Радзівілам. У 19 стагоддзі тут існаваў маёнтак Відамля памешчыка Міхала Грабоўскага. Напярэдадні Другой сусветнай вайны ў вёсцы існавала 70 двароў, у часы акупацыі была спалена. Пасля вайны вёска адрадзілася. На сённяшні дзень працуе сярэдняя школа, Дом культуры, бібліятэка, крамы, аддзяленне сувязі і банку.

Царква Пакрова Маці Божай, фота Wikipedia.org

Праязджаючы праз вёску варта спыніцца каля царквы Пакрова Маці Божай(2011), яе архітэктура даволі сціплая, але арыгінальная. Сярод славутасцей вёскі варта вылучыць школу. Яе тэрыторыя прыгожа добраўпарадкавана і прадстаўлена рознымі дэкаратыўнымі раслінамі. Відамлянская школа - лічыцца адной з самых прыгожых школ Брэстчыны.

Яшчэ адной цікавосткай вёскі можна лічыць “Лабараторыю сонца”. Так назвалі тэрыторыю колішняга вясковага парку, у якім былі створаны дзіцячыя пляцоўкі і турнікеты і ўсталяваны 4 сонечныя панэлі, якія асвятляюць вуліцу.


Сівыя сцены Камянца.

Камянец - асобы прыпынак на маршруце. Тут можна правесці стала часу. І справа не толькі ў Камянецкай вежы, старадаўнім абарончым помніку з 800 гадовай гісторыяй.


Камянец спалучае ў сабе ўтульную гістарычную атмасферу і сучаснае жыццё.Акрамя знакамітай вежы ў горадзе існуе манументальны помнік князю, які заснаваў горад, захаваліся праваслаўны сабор св.Сімяона, які знаходзіцца на аднайменным Сімяонаўскім узвышшы, касцёл Св.Пятра і Паўла, будынкі сінагогі і іешывы, а таксама шмат дамоў гістарычнай забудовы. Родам з Камянца знакаміты беларускі мастак Фёдар Дарашэвіч, а таксама скульптар Анатоль Туркоў.

Горад абсалютна невялікіх памераў, але заслугоўвае на абавязковае наведванне, яго за паўгадзіны можна праехаць на ровары, альбо нават прайсці пешкі, скарыстаўшы аўтарскім аўдыягідам  ад @kamenets.by.


Краіна адчыненых аканiц

Знаходзячыся ў Камянцы варта звярнуць увагу не толькі на старыя камяніцы, але і на драўляныя домікі, якія кампактна прадстаўлены ў цэнтры горада. Гэта сапраўднае багацтва горада ды дарэчы і ўсяго рэгіёну. Абавязкова звярніце ўвагу на дом, дзе нарадзіўся мастак Фёдар Дарашэвіч.


Гэты дом захаваў аўтэнтычны выгляд, асаблівасці афарбоўкі і аздаблення вокнаў. Домікі з вялікі вокнамі, разьбянымі аканіцамі, разнастайнымі дэкаратыўныміэ лементамі - асаблівасць Белавежскага рэгіёну. Вылучаюцца такія дамы сваімі аб'ёмамі, вальмавымi дахамі і таксама арыгінальнымі “белавежскімі” паўкруглымі ганкамі.

Большасць цікавых прыкладаў будаўніцтва такіх дамоў прадстаўлены ў ваколіцах Камянца і Белавежскай пушчы (напрыклад вёска Жылічы), у суседнім Падляшскім ваяводстве Польшчы комплексы такіх дамоў складаюць цэлыя вескі-скансэны.


Вясковыя храмы.

Спадчыну гэтых мясцін дапаўняюць вясковыя храмы, выкананыя з дрэва. Непадалёк ад нашай дарогі знаходзіцца шэраг помнікаў сакральнай архітэктуры, пабудаваных у XVIII, XIX і XX стагоддзях, кожны з якіх мае сваю характэрную рысу і своеасаблівы твар.

На нашым шляху ў Белавежскую пушчу знаходзіцца непаўторная Праабражэнская царква ў весцы  Дзімтровічы. Храм пабудаваны ў 1786г. з пушчанскага дрэва ў народным стылі і сваім выглядам паглыбляе нас у часы позняй Рэчы Паспалітай. Царква вылучаецца сваёй даволі простай, але арыгінальнай архітэктурай. Унутры храма знаходзіцца драўляны іканастас (1830я гады) і абразы Маці Божай Адзігітрыі.

У суседняй вёсцы Ражкоўка прадстаўлена царква Казанскай Божай Маці. Асаблівасць гэтага храму ў яе гісторыі. Яна будавалася ў гады Вялікай Айчыннай вайны (у 1942 годзе), пасля выратавання жыхароў ад нямецкага расстрэлу. Паводле падання мясцовых жыхароў загад аб адмене расстрэлу прынялі самі немцы, калі пабачылі абраз Маці Божай у небе над вёскай.

Архаіка Дзмітровіч і Ражкоўкі

Вёскі Ражкоўка і Дзмітровічы асаблівыя сярод “краіны адчыненых аканiц”. Тут шмат драўляных будыначкаў з ганкамі і аканіцамі. Менавіта з Ражкоўкі паходзіць і курная хата, датаваная 1880 г. Нажаль, нягледзячы на тое, што хата мела ахоўны статус яна да сённяшняга дня не захавалася.

Між тым, у суседнія Дзмітровічы мясцовыя краязнаўцы перавезлі іншую падобную хату з Ражкоўкі і зрабілі з яе школьны музей. Цяпер музей “Сялянская хата” знаходзіцца на школьнай тэрыторыі, і тут праводзяцца экскурсіі дзецьмі.Акрамя гэтай архаічнай хаты ў вёсцы вылучаюцца цікавы будынак грамадзянскай архітэктуры 1 паловы ХХ стагоддзя, былая школа, якой прыпісваюць рысы “закапанскага будаўніцтва”.

Гэты будынак датуецца 1927 годам. На сённяшні дзень ён выкарыстоўваецца часткова.


Самабытная музеі.

У ваколіцах пушчы шмат цікавых вясковых сядзіб, гаспадары якіх збіраюць і захоўваюць пушчанскія скарбы. Наступным прыпынкам будзе вёска Белая, дзе існуе некалькі цікавостак.

Перад намі будынак вясковай сядзібы “Польскі маёнтак”, гаспадары якой стварылі самабытны музей-кузню, збіраюць старыя рэчы і кнігі, а таксама праводзяць майстар-класы. Падрабязней у гаспадароў @polskii_maentak

Падобны музей паўстаў і ў вёсцы Чэмеры пад Каменцам. Гаспадары назвалі музей “Піліпавай хатай” і паступова збіраюць экспанаты. Падрабязней пра музей @p.i.sarukgv


Пушчанскае млынарства.

Па дарозе ў Белавежскую пушчу напрошваецца пытанне “А ці можна пабачыць у пушчанскіх і прыбужскіх ваколіцах млыны-ветракі?”.Нажаль адказ на гэтае пытанне рытарычны: млыноў ветракоў амаль не захавалася. Чаму амаль? Таму што самы стары млын на Камянеччыне (1876) (які існаваў у в. Алешкавічы і быў бачны з дарогі Брэст-Камянец) захаваўся, аднак перавезены ён на Кобрыншчыну, дзе быў усталяваны ў скансэне Божы дар.

Алешкавіцкі млын да рэканструкцыі, фота М. Кузіча

Алешкавіцкі млын пасля рамонту і пераезду на Кобрыншчыну, фота газета"Заря"

Акрамя гэтай асаблівасці ёсць яшчэ адна. У вёсцы Макавішчы на ўскрайку пушчы зусім нядаўна мясцовым гаспадаром пабудаваны новы млын-вятрак, які выглядае даволі арыгінальна. Што праўда, пакуль не вядома яго прызначэнне: ці пабудаваны ён “для хараства”, ці для вытворчасці, ці для музея пакуль не зразумела.

Новы вятрак у Макавішчах, фота ад zubrovka.by
Акрамя ветракоў у ваколіцах Камянца можна пабачыць рэшткі паравога млына ў сядзібе Валянцінавічаў у Навіцкавічах.
Правы млын у Навіцкавічах, фота М.Кузіча

Крынічныя каралі Беларусі

Апроч матэрыяльных і духоўных скарбаў нельга забываць, што Камянеччына гэта ўсеж у першую чаргу прыродная скарбонка. І гэта не толькі пушча.

Камянецкі раён - сапраўдны крынічны край. У гэтай мясцовасці па розных падліках ад 18 да 28 крыніц, якія сілкуюць вялікія і малыя рэкі. Тры крыніцы асвечаны царквой. Некаторыя з крыніц уключаны ў турыстычныя маршруты. А галоўнае - да іх не зарастае народная сцежка.

Найбольш бліжэйшая крыніца да дарогі Каменец-Брэст - крыніца ў Бялёва. Крыніца знаходзіцца ў цэнтры вёскі і тут была спрадвеку. Да правядзення меліярацыйных работ і збудавання сажалкі было сапраўднае балота, але крыніцу выратавалі і сёння яна аб'яўлена гідралагічным помнікам прыроды мясцовага значэння. Крыніца сыходнага тыпу. Абавязкова зазірніце ў Бялёва і пакаштуйце крынічнай вады, паказчыкі вельмі добрыя.

Незвычайныя Вугляны

Напрыканцы вандроўкі завітайце ў Вугляны. Гэтая вёска сапраўды незвычайная. Яна знаходзіцца "у рачным вуглу", адсюль і яе назва: якраз тут утвараецца рака Лясная, якая злучаецца з двух прытокаў рэчак Лясная Правая і Лясная Левая. У цэнтры вёскі галоўная славутасць - вуглянскія крыжы. Сем вялікіх і малых крыжоў, якія ўтвараюць адзіны комплекс. Яны маюць сакральнае значэнне і ахоўваюцца мясцовымі людзьмі як абярэгі на працягу ста гадоў. Нягледзячы на тое, што сёння вёска знаходзіцца ў тупіку раней праз Вугляны праходзілі тры галоўныя шляхі: Каралеўскі (Вільня—Кракаў), Бурштынавы — ад берагоў Балтыйскага мора ў краіны паўднёвай Еўропы, і Зварніцкі (саляны) — ад Салотвіна, што ў Закарпацці, да Гародні, дзе меліся вялікія саляныя склады. У вёсцы можна пабачыць шмат архаічных элементаў традыцыйнай пушчанскай культуры, але самым цікавым варта лічыць унікальную тэхналогію падвойнага ткацтва. Тут і сёння што ні хата — то сапраўдны музей тканых дываноў, якіх у іншых куточках Брэстчыны не сустрэнеш.

Фота Андрэя Асташэні

Але самая галоўная славутасць Вуглян - гэта прырода. У вёсцы існуе самабытная экасядзіба, гаспадар якой назірае да птушкамі і звярамі, усталёўвае дазорныя вышкі, стварае музей рыбалоўства, вядзе інстаграм. Трансляцыі даступны на інстаграм канале @vuhliany і тэлеграме @vuhliany life. Назіранне за вуглянскімі прыроднымі скарбамі дае свае вынікі: на трансляцыі часта патрапляюцца птушкі і звяры, у тым ліку арлан-белахвост, канюкі, кажаны.

Вуглянская вежа, фота Вадзіма Пракапчука, гаспадара сядзібы 

Як заўсёды бывае ў падарожжы - усё, што хочацца пабачыць і адчуць у адной вандроўцы, цяжка ахапіць за адзін раз. Таму запрашаем вас часцей наведваць белавежскія ўскрайкі, гасцінны пушчанскі і прыбужскай край. Мы заўсёды рады гасцям і лічым што гайды рэкамендацыі ад @vokrug-bresta дапамогуць вам скласці самы арыгінальны маршрут. Падпісвайцеся на наш інстаграм і сачыце за новымі матэрыяламі.


Отправить комментарий

0 Комментарии